На главную
Написать письмо
Карта сайта
RuEn

Адрес райисполкома:
222310, г. Молодечно,
 ул. Виленская, 6

Телефон: 8-(017-6)-77-16-63
факс: 77-15-71, 73-01-72

Для деловой переписки:
molrik@molodechno.minsk-region.by

Интерактивная карта района

Главная  »  НОВОСТИ  »  Новости района
10.06.2015
Как проходил Национальный фестиваль песни и поэзии «Маладзечна 2015»

Тры дні – 5, 6 і 7 чэрвеня – Маладзечна жыло Нацыянальным фестывалем. Раскажам коратка аб яго галоўных падзеях.
Беларускія песні, беларускае паэтычнае слова луналі над святочнымі пляцоўкамі, цэнтр горада ператварыўся ў адзіны жывы арганізм. Праграмай фестывалю было запланавана шмат цікавых канцэртаў і праграм. Пра некаторыя мы расказывалі ў нашым анонсе.
Удзельнікі фестывалю, яго гаспадары, госці – усе мелі магчымасць праявіць свае здольнасці, рэалізаваць свой патэнцыял, з карысцю правесці вольны час. Напэўна, як ніколі раней, спрыяла гэтаму і надвор’е.
У памяці застануцца цудоўныя імгненні шматлікіх канцэртаў і творчых вечарын, сустрэч і знаёмстваў. Маладзечна ў чарговы раз заявіла пра сябе як культурная сталіца ўсёй Беларусі.
Дзень першы
У час цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прывітальнае пісьмо Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям XV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2015» зачытаў са сцэны Летняга амфітэатра міністр культуры Барыс Святлоў. «Праграма фестывалю раскрывае шырокую панараму творчых дасягненняў у сферы сучаснай песні і паэзіі, дорыць радасць сустрэч з вядомымі артыстамі, паэтамі, кампазітарамі і адкрывае новыя імёны» -- было сказана ў прывітанні.


Ад імя Мінскага аблвыканкама з віншаваннямі і пажаданнямі з карысцю правесці фестывальныя дні, узбагаціць сябе новымі духоўнымі набыткамі звярнуўся да ўдзельнікаў свята, маладзечанцаў і нашых гасцей намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сірэнка. Ён жа і аб’явіў аб адкрыцці ХV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2015».
Слухачы сустракалі і прызнаных артыстаў, мэтраў айчыннай эстрады, і тых, у каго званні і аўтарытэт яшчэ наперадзе. Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Мікалай Скорыкаў, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Аляксандр Саладуха, ансамблі «Песняры», «Свята», арт-група «Беларусы» – не поўны пералік тых, хто ў гэты святочны вечар выходзіў на галоўную пляцоўку.
Жанэт, Герман і кампазітар Алена Атрашкевіч.


За раялем – кампазітары Васілій Раінчык і Ірына Цвяткова.

Спявачка Дарыя — выпускніца Маладзечанскага каледжа імя М.-К. Агінскага.

 

Анастасія Ціхановіч.

 

Гучнымі апладысментамі віталі гледачы Аляксандра Саладуху.

У выкананні Анатолія Ярмоленкі і ансамбля народнай музыкі «Бяседа» прагучала неўміручая «Полька беларуская», якая была напісана кампазітарам Ігарам Лучанком на словы паэта Леаніда Дранько-Майсюка спецыяльна да фестывалю.

 

Дзень другі
Конкурс маладых выканаўцаў – самы інтрыгуючы момант фестывалю. Упершыню ў конкурсе ўдзельнічалі ў пераважнай большасці прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва: 12 вакалістаў супраць 7 вакалістак.
Талент канкурсантаў ацэньвалі выкладчыкі творчых дысцыплін, музыканты, артысты.
Так, лаўрэатамі ІІІ ступені сталі Дзмітрый Нікіцін са сталіцы і Яўгеній Захарка з Гродзеншчыны.
Дыпломамі ІІ ступені адзначаны Лізавета Войтуль і Андрэй Цямчык з Брэстчыны, які, дарэчы, быў лаўрэатам ІІІ ступені на конкурсе маладых выканаўцаў у час фестывалю «Маладзечна-2013».
Мінчанін Мікіта Касцюкевіч увянчаў пераможную тройку. З дыпломам з адзнакай закончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, з’яўляецца салістам вакальна-інструментальнага ансамбля «Верасы».
Уладальніцай Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2015» і прыза імя Уладзіміра Мулявіна (Хрустальная гітара) стала Таццяна Валахановіч, якая прадстаўляла Мінскую вобласць.

Родам Таццяна з Дзяржынскага раёна, кіруе эстраднай студыяй «Галасы» Дома культуры пасёлка Энергетыкаў. Гэта выступленне — яе першая сур’ёзная сцэнічная спроба.

Цікавы той факт, што трое спевакоў маюць непасрэднае дачыненне да Маладзечна: Марк Войтка, Дзяніс Маркевіч і Андрэй Воранаў.
Марк Войтка: "Для мяне гэта першая спроба выступлення ў суправаджэнні аркестра Міхаіла Фінберга.  Канешне, гэта вельмі адказна".


Гучнымі апладысментамі вітала публіка маладзечнца Дзяніса Маркевіча. Ён прадстаўляў Віцебшчыну. Хлопец вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце і займаецца ў вакальнай студыі.

Яркім было выступленне выпускніка Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага Андрэя Воранава. На конкурсе ён таксама выступаў ад Віцебскай вобласці, дзе апошнім часам жыве і працуе.

 

Прадстаўнік Брэстчыны Андрэй Цямчык -- двойчы лаўрэат конкурсу маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі 2013 і 2015 года і пачынаючы спявак Кірыл Бабушкін з Гомельшчыны.

 
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў вітае прысутных і ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2015» разам з вядучымі Антонам Мартыненкам і Святланай Адамушка.

Канкурсанты і салісты заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, для многіх з якіх фестываль у свой час стаў стартавай сцэнічнай пляцоўкай.

 
Дзень трэці
«Дзе, як не на радзіме майго любімага паэта Янкі Купалы, як не на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі, прэзентаваць мне свой юбілейны канцэрт! Для мяне гэта вельмі ганарова і адказна!» — сказаў вядомы кампазітар Алег Молчан у эксклюзіўным інтэрв’ю «МГ» за гадзіну да пачатку праграмы «Песня мая», прысвечанай 50-годдзю з дня яго нараджэння і 30-годдзю творчай дзейнасці.
Лепшыя песні пра каханне Алег Молчан прысвяціў сваёй жонцы Ірыне Відавай.

Шмат вядомых таленавітых паэтаў называлі і называюць Маладзечна малой радзімай. Тут яны ўпершыню закахаліся. Тут зведалі каштоўнасць сапраўднага сяброўства. Тут спазналі горыч расчараванняў. З часам эмоцыі выліліся ў вершы, якія, у сваю чаргу, сталі цудоўнымі песнямі. Іх прыемна слухаць і ў хвіліны радасці, і ў моманты смутку.

Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч удзячны Алегу Молчану за цудоўныя творы.

Алега Молчана павіншаваў спявак Мікалай Скорыкаў

У паэтычнай гасцёўні «Красуй, Беларусь!», што «адчынілася» ў малой зале Палаца культуры ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, гучалі вершы як маладзечанцаў, так і іншых вядомых паэтаў.
Паэтычны марафон распачала самая юная ўдзельніца сустрэчы Маргарыта Латышкевіч. Лірычны настрой падхапілі і масцітыя беларускія творцы. Сярод іх паэт і перакладчык Казімір Камейша, папулярны блогер і галоўны рэдактар часопіса «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, сатырык і парадыст Анатоль Зэкаў, дзіцячы пісьменнік і намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман» Уладзімір Мазго. Апошні, дарэчы, аўтар шматлікіх шлягераў, якія сваю папулярнасць набылі і дзякуючы Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі. Прысутныя з асаблівым задавальненнем паслухалі вершы «Варажба», «Гадзіна пік» і «Святло вачэй» у выкананні аўтара. Чароўную плынь беларускай паэзіі на сустрэчы прадставілі маладзечанкі Таццяна Атрошанка і Таіса Трафімава, віляйчанка Іна Фралова.
Вядучыя сустрэчы Навум Гальпяровіч і Таццяна Сівец.

Паэтка Таіса Трафімава.

Дзмітрый Калдун, Герман, гурт «IOWA» і іншыя беларускія выканаўцы адзначылі на сцэне Летняга амфітэатра ў Маладзечне дзесяцігоддзе тэлевізійнага праекта «Зорны дыліжанс».
У гэты вечар на сцэну выйшлі таксама лепшыя выпускнікі «Дыліжанса». Сярод іх Сяргей Жбанкоў, Алена Пішчанкова, Мікіта Фаміных і  Дзяніс Ліс. Вельмі цёпла гледачы сустрэлі трыа «Інжыр». Дзяўчыны, дарэчы, у гэтым годзе прадставяць нашу краіну на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Новая хваля-2015» у Юрмале. А пад песні «IOWA» спявала і танцавала ўся зала.

Больш падрабязна пра ўсе падзеі фестывалю – у «Маладзечанскай газеце» за сераду, 10.06.2015.
Фота Вячаслава Табуліна, Аляксея Платко, Юліі Шаблоўскай.



Погода Молодечно
Информация сайта pogoda.by

© Молодечненский районный исполнительный комитет, 2011
Разработка сайта БЕЛТА
Поддержка сайта УП «Минская волна»